Ввыстава скульптуры і жывапісу «ПЕРЛ» сябраў Беларускага саюза мастакоў Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка


13 сакавіка 2024 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё выставы скульптуры і жывапісу “ПЕРЛ” сябраў Беларускага саюза мастакоў Андрэя Вераб’ёва і Аксаны Еўдакіменка.

Перл – неверагодна шматзначнае слова. Паходзіць ад французскага perle – жамчужына. Андрэй Вераб’ёў і Аксана Еўдакіменка налічылі больш за 10 значэнняў гэтага слова. Два з іх лепш за ўсё адлюстроўваюць канцэпцыю выставы. Перл – гэта каханне мужчыны і жанчыны, якое матэрыялізавалася ў новай асобе, па-свойму падобнай да абодвух, іх улюбёнае дзіця, лепшае за іх, як ім падаецца. Перл – гэта мастацкі твор, жывапісны альбо скульптурны, які прайшоў стадыі пакут, пошукаў, сумненняў, побытавых праблем, тэхналагічных працэсаў, але здзейсніўся.

Андрэй Вераб’ёў – выпускнік Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К. Глебава і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У творчасці майстра больш за ўсё вылучаюцца дзве тэмы: аўтапартрэты і тэма кахання. Філасофскія разважанні знайшлі ўвасабленне ў скульптурных работах аўтара. Сам Андрэй Вераб’ёў кажа пра гэты бок творчасці так: “Аўтапартрэт для мяне – нагода паразважаць пра жыццё. Пра маё жыццё і пра жыццё кожнага чалавека. Пра хуткаплыннасць гэтага жыцця, пра яго непаўторнасць, тонкасць і прыгажосць”. Па словах скульптара, лінія кахання – гэта разважанні пра з’яднанне ў адно цэлае, пра святасць, пра палёт, пра прыгажосць, пра гармонію двух падобных і адначасова супрацьлеглых істот. Апроч тонкіх філасофскіх і пачуццёвых работ А. Вераб’ёў знакаміты шэрагам гарадскіх скульптур, якія палюбіліся жыхарам Магілёва, Быхава, Шклова і іншых гарадоў.

Лёгкія, нібыта празрыстыя сны, жывапісныя творы выпускніцы мастацка-графічнага факультэту Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя П.М. Машэрава Аксаны Еўдакіменка быццам бы пранізаны ўнутраным святлом, няспешным сузіраннем рухаў душы. Многія работы прысвечаны дачцэ Адэлаідзе, яе дзіцячым захапленням. Пейзажы мастачкі выклікаюць адчуванне тайны і чараўніцтва, а абстрактныя карціны дэманструюць рухлівую, насычаную, жывую каларыстыку.

На выставе “ПЕРЛ” прадстаўлена больш за 40 работ мастакоў. У прасторы Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” скульптура Андрэя Вераб’ёва і жывапіс Аксаны Еўдакіменка сталі адзіным цэлым – тонкім, эмацыянальным і, безумоўна, вельмі прыгожым выставачным праектам.

Выстава працуе да 21 красавіка 2024 года.

Арт-гасцёўня “Высокае мѣста”

г. Мінск, Герцэна, 2а

серада – нядзеля, 11.00 – 19.00

(017) 342 24 26; (017) 354 26 57

minskmuseum.by

530